Свістунова М. І. Метадычная распрацоўка заняткаў па вучэбнай дысцыпліне “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій і элементамі эўрыстычнага навучання
Опубликовано 28 июня 2021 в 12:00

Свістунова Марына Іосіфаўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаства філалагічнага факультэта БДУ, г. Мінск

Вучэбная дысцыпліна: “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” для студэнтаў усіх спецыяльнасцей факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, І курс, 2 семестр.

Тэма заняткаў: “Навуковы стыль: Жанравая і кампазіцыйная разнастайнасць навуковых тэкстаў. Навуковы пераклад”.

Колькасць гадзін для рэалізацыі метадычнай распрацоўкі: 4 гадзіны (2 гадзіны аўдыторных або дыстанцыйных практычных заняткаў, 2 гадзіны кіруемай самастойнай работы на адукацыйным партале ФРіКТ).

Асноўныя мэты педагога ў адносінах да індывідуальнай самарэалізацыі студэнта пры вывучэнні дадзенай тэмы:

  • забяспечыць умовы для стварэння студэнтамі адукацыйнага і камунікатыўнага прадуктаў па тэме заняткаў;
  • развіваць у студэнтаў кампетэнцыі, звязаныя з валоданнем літаратурнымі нормамі беларускай мовы;
  • стварыць магчымасці для генерыравання і рэалізацыі крэатыўных ідэй і падыходаў пры рашэнні пастаўленых задач;
  • стварыць магчымасці для ўдасканалення камунікатыўных кампетэнцый студэнтаў праз “гарызантальнае” і “вертыкальнае” абмеркаванне іх адукацыйных прадуктаў.

Галоўная праблема заняткаў з пазіцыі самарэалізацыі студэнта – стварэнне навукова-папулярнага тэксту на беларускай мове.

Кола рэальных аб’ектаў рэчаіснасці, якія прапаноўваюцца студэнту для вывучэння: тэксты навуковага стылю і навукова-папулярнага падстылю, нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы. 

Метады вывучэння рэальнага аб’екта рэчаіснасці: метад вобразнага бачання; метад назірання; метад апісання; метад параўнання; метад самаарганізацыі; метад рэфлексіі. 

Этапы заняткаў:

  1. Пастаноўка мэтаў (10 хвілін).
  2. Азнаямленне з асноўным зместам тэмы заняткаў (30 хвілін). Тлумачэнне задання КСР.
  3. Стварэнне ўласнага адукацыйнага прадукту (КСР, 2 гадзіны).
  4. Стварэнне камунікатыўнага прадукту ў працэсе параўнання з аналагамі (30 хвілін).
  5. Рэфлексія (10 хвілін).

І этап. Пастаноўка мэтаў

На адукацыйным партале студэнты выконваюць апытванне на пастаноўку імі індывідуальных мэтаў заняткаў.

Заданне “Апытванне”

Выберыце тры мэты заняткаў, якія з’яўляюцца для вас найбольш важнымі.

  • Пераключыцца з вывучэння спецыяльных дысцыплін на гуманітарную сферу.
  • Праверыць сваё валоданне беларускай мовай.
  • Рэалізаваць сваё валоданне беларускай мовай.
  • Удасканаліць сваё валоданне беларускай мовай.
  • Атрымаць новыя веды і навыкі па беларускай мове.
  • Пераканацца ў сваёй здольнасці справіцца з заданнем самастойна.
  • Выканаць заданне, неабходнае для атрымання заліку.
  • Даведацца нешта новае па тэме заняткаў.

ІІ этап. Азнаямленне са зместам тэмы заняткаў. Тлумачэнне задання КСР

Знаёмства студэнтаў з жанрава і кампазіцыйна разнастайнымі відамі навуковых тэкстаў, а таксама з моўнымі асаблівасцямі навуковых тэкстаў і іх  перакладу з рускай мовы на беларускую ажыццяўляецца аўдыторна з выкарыстаннем вучэбных матэрыялаў, размешчаных на адукацыйным партале (“Лекцыя” і “Практыкаванні”). У залежнасці ад сітуацыі гэты этап можа быць праведзены дыстанцыйна праз элемент “Канферэнцыя”.

У канцы гэтага этапу неабходна патлумачыць студэнтам патрабаванні да КСР – эўрыстычнага задання “Проста пра складанае” і ўстанавіць дату дэдлайну.

ІІІ этап. Стварэнне і дэманстрацыя ўласнага адукацыйнага прадукту

(глядзіце прыклады работ па спасылцы)

Студэнты выконваюць эўрыстычнае заданне “Проста пра складанае” і файл з адказам размяшчаюць на адукацыйным партале. Выкладчык правярае работы, ацэньвае і дасылае студэнтам для азнаямлення, дапаўняючы іх сваімі каментарыямі і заўвагамі. Гэтае заданне з’яўляецца КСР.

Эўрыстычнае заданне “Проста пра складанае”

Аднаму са стваральнікаў ядзернай фізікі Эрнэсту Рэзерфорду належыць выраз, што стаў крылатым: “Калі навуковец не можа патлумачыць прыбіральшчыцы, якая наводзіць чысціню ў яго лабараторыі, сэнс сваёй працы, то ён сам не разумее, чым займаецца”.

Уявіце, што вы, студэнт факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ, трапілі ў пачатковую школу і вакол вас  цэлы клас цікаўных малодшых школьнікаў, якія задаюць розныя пытанні )))

Самастойна знайдзіце патрэбную навуковую інфармацыю і на яе аснове стварыце навукова-папулярны тэкст, у якім максімальна даступна патлумачце:

  • Што такое лічбавае радыё? (спецыяльнасць “радыёфізіка”);
  • Як працуе электронная бібліятэка? (спецыяльнасць “фізічная электроніка”);
  • Хто такі хакер? (спецыяльнасць “камп’ютарная бяспека”);
  • Што такое воблачнае сховішча? (спецыяльнасць “прыкладная інфарматыка”);
  • Навошта ўніверсітэту нанаспадарожнік? (спецыяльнасць “аэракасмічныя радыёэлектронныя і інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”).

Выберыце адно пытанне са спіса ў залежнасці ад спецыяльнасці, на якой вы навучаецеся.

Сваё тлумачэнне аформіце ў выглядзе тэксту (1500–1800 знакаў без прабелаў). Дадаткова можаце выкарыстаць любыя іншыя спосабы і сродкі тлумачэння.

Адказ дашліце ў выглядзе тэкставага файла (назавіце яго так: група_прозвішча.docx, напрыклад: 7_сімянкоў.docx).

 

ІV этап. Стварэнне камунікатыўнага прадукту ў працэсе параўнання з аналагамі

Пасля таго, як усе работы дасланы і правераны, на аўдыторных занятках выкладчык прыводзіць прыклады некаторых работ, каменціруе іх і прапаноўвае студэнтам выбраць найбольш удалыя, даць ацэнку і выказаць свае меркаванні з іх абгрунтаваннем, адказаць на заўвагі аднагрупнікаў і пад. Акрамя гэтага, папярэдне студэнты атрымалі ад выкладчыка правераныя работы з яго каментарыямі і заўвагамі. Такім чынам студэнты ўдзельнічаюць у “гарызантальнай” і “вертыкальнай” камунікацыі.

V этап. Рэфлексія

(глядзіце прыклады адказаў па спасылцы)

На адукацыйным партале студэнты выконваюць заданне “Аналіз”, адказваючы на пытанні анкеты, якія дапамагаюць ім асэнсаваць індывідуальную каштоўнасць працы з дадзенай тэмай. Вынікі гэтага анкетавання дазваляюць выкладчыку ацаніць розныя элементы метадычнай распрацоўкі і прааналізаваць яе рэалізацыю ў цэлым.

Заданне “Аналіз”

  • Ці былі рэалізаваны мэты, пастаўленныя вамі на пачатку заняткаў? Калі не, то чаму?
  • Што было для вас найбольш цяжкім падчас вывучэння тэмы?
  • З дапамогай чаго вы пераадольвалі гэтыя цяжкасці?
  • Што вам найбольш спадабалася ў працы над тэмай?
  • Які галоўны вынік працы над тэмай для вас асабіста?

Крытэрыі ацэньвання адукацыйнага і камунікатыўнага прадуктаў па тэме “Навуковы стыль”

а) адукацыйны прадукт (эўрыстычнае заданне “Проста пра складанае”):

  1. арыгінальны самастойны характар тэксту (адсутнасць інтэрнэт-плагіяту) – 0-2 балы;
  2. крэатыўнасць пры стварэнні тэксту – 0-2 балы;
  3. граматнасць пісьмовага маўлення – 0-2 балы;

б) камунікатыўны прадукт:

  1. удзел у камунікацыі – 0-2 балы;
  2. разгорнутыя абгрунтаваныя адказы на заданні “Апытванне” і “Аналіз” – 0-2 балы.

Работа над тэмай залічваецца пры ўмове, што студэнт у выніку набірае ад 6 да 10 балаў. 

Вывады і рэкамендацыі па выкарыстанні метадычнай распрацоўкі

Распрацаваныя заняткі па тэме “Навуковы стыль” праводзіліся са студэнтамі васьмі груп першага курса факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ, якія ў другім семестры вывучалі дысцыпліну “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”. Усяго заданні распрацоўкі выканалі 168 чалавек, што стварае магчымасці для аналізу яе эфектыўнасці і мэтазгоднасці выкарыстання ў вучэбным працэсе.

Як і іншыя заняткі па дадзенай вучэбнай дысцыпліне, распрацаваныя праводзіліся з выкарыстаннем адукацыйнага партала ФРіКТ на базе “Moodle”, дзе размешчаны аўтарскі электронны курс, які ўтрымлівае лекцыйныя матэрыялы, практычныя заданні, тэсты, даведачную інфармацыю і інш.

Асаблівасцю дадзенай распрацоўкі з’яўляецца абгрунтаваны падзел на часткі: 1 гадзіна (аўдыторна) – 2 гадзіны (КСР) – 1 гадзіна (аўдыторна), што можа быць рэалізавана толькі пры спалучэнні першай і апошняй частак з іншымі аўдыторнымі заняткамі. Аднак, улічыўшы, што усяго на вывучэнне тэмы “Навуковы стыль” вучэбнай праграмай адводзіцца 6 гадзін, а метадычная распрацоўка разлічана на 4, яе рэалізацыя не ўяўляецца праблемай.

Яшчэ адна асаблівасць дадзенай распрацоўкі звязана з тым, што яна цалкам можа быць рэалізавана ва ўмовах дыстанцыйнага навучання.

І. На этапе пастаноўкі мэтаў неабходна давесці да студэнтаў важнасць адказнага выканання гэтага элемента – яны яшчэ не мелі справу з аналагічнымі распрацоўкамі і заданнямі і таму могуць праігнараваць апытванне.

Як паказаў аналіз вынікаў апытвання, самым папулярным выбарам стала пазіцыя “Атрымаць новыя веды і навыкі па беларускай мове” (74). На другім месцы знаходзяцца дзве пазіцыі: “Даведацца нешта новае па тэме заняткаў” (55) і “Выканаць заданне, неабходнае для атрымання заліку” (54), недалёка ад іх знаходзіцца і трэцяя пазіцыя “Праверыць сваё валоданне беларускай мовай” (52). Усё гэта сведчыць як пра зацікаўленасць студэнтаў-нефілолагаў у вывучэнні беларускай мовы, гатоўнасць да гэтага, так і пра здаровую матывацыю – паспяхова выканаць усё неабходнае для атрымання заліку.

ІІ. Этап азнаямлення са зместам тэмы заняткаў традыцыйны: выкладчык паведамляе неабходныя звесткі (да якіх студэнты пры неабходнасці могуць самастойна звярнуцца ў элеменце “Лекцыя”), пасля чаго выконваюцца практычныя заданні, змешчаныя ў элеменце “Практыкаванні”. Найбольшую цікавасць, як паказаў вопыт правядзення заняткаў, выклікаюць заданні, у якіх трэба выявіць маўленчыя памылкі ў прыкладах, узятых з папярэдніх работ студэнтаў-радыёфізікаў.

ІІІ. Найбольш працаёмкай часткай метадычнай распрацоўкі з’яўляецца КСР – эўрыстычнае заданне “Проста пра складанае”, прычым, як для студэнтаў, так і для выкладчыка. Заданне выконваецца дыстанцыйна, аднак яшчэ падчас аўдыторных заняткаў неабходна патлумачыць студэнтам сутнасць задання і асаблівасці яго афармлення (канкрэтны аб’ём, фармат файла, яго назва – з улікам неабходнасці праверкі выкладчыкам каля 170 работ гэта становіцца важным). Аднак нельга прыводзіць прыклады тэкстаў або нават іх частак, каб гэтым не скіраваць студэнтаў на стварэнне падобных тэкстаў і стымуляваць іх да разваг, уласнага пошуку і генеравання ідэй для выканання задання, стварэння тэксту.

Шэраг атрыманых работ студэнтаў-радыёфізікаў вызначаецца літаратурнай апрацоўкаў, удалым падборам моўных сродкаў, выбарам кампазіцыйнай структуры тэксту, маўленчай граматнасцю, а таксама зместавай адпаведнасцю патрабаванням. Аднак, неабходна прызнаць, што большасць работ мела досыць фармальны характар, які, аднак, адпавядаў агульным патрабаванням да задання КСР. Частка работ была даслана студэнтам назад на дапрацоўку з тлумачэннямі, што іх тэкст павінен быць арыгінальным, а не скапіраваным з інтэрнэту і перакладзеным на беларускую мову з дапамогай анлайн-перакладчыка. Цяжкім для ўсведамлення студэнтаў аказалася і патрабаванне адаптаваць тэкст для ўспрыняцця яго неспецыялістамі – малодшымі школьнікамі. Пазней, падчас абмеркавання і рэфлексіі, многія са студэнтаў заўважалі, што ім было цяжка зрабіць са складанага тэксту просты.

ІV. На этапе стварэння камунікатыўнага прадукту ў працэсе параўнання з аналагамі ў найбольшай ступені рэалізоўваецца адна з асноўных задач дадзенай метадычнай распрацоўкі – удасканаленне камунікатыўных кампетэнцый студэнтаў праз “гарызантальнае” і “вертыкальнае” абмеркаванне створаных імі адукацыйных прадуктаў. У якасці аналагаў выступілі найбольш удалыя работы саміх студэнтаў з розных груп і па розных тэмах – такі выбар падаецца больш этычным у адносінах да работ студэнтаў-нефілолагаў, чым параўнанне, напрыклад, з навукова-папулярнымі тэкстамі, створанымі прафесіяналамі.

V. Заключны этап – рэфлексія – паказаў эфектыўнасць рэалізацыі дадзенай метадычнай распрацоўкі. Атрыманыя адказы сведчаць, што падчас работы над тэмай студэнты атрымалі самы розны досвед і кампетэнцыі, прыйшлі да розных асабістых высноў і вынікаў, што стала магчымым дзякуючы індывідуальнай скіраванасці, найперш, эўрыстычнага задання КСР, а таксама камунікатыўнай актыўнасці падчас яго абмеракавання ў групах і з выкладчыкам. Неабходна адзначыць, што адказы студэнтаў на заданне “Аналіз” надзвычай важныя, найперш, для выкладчыка, таму што дазваляюць убачыць вынікі яго дзейнасці і яе ацэнку студэнтамі.

У цэлым выкарыстанне дадзенай метадычнай распрацоўкі па вучэбнай дысцыпліне “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” прайшло паспяхова і можа выкарыстоўвацца пры яе выкладанні ва ўстановах вышэйшай адукацыі краіны. І сама метадычная распрацоўка, і эўрыстычнае заданне з лёгкасцю могуць быць адаптаваны для студэнтаў самых розных спецыяльнасцей пры выкладанні вучэбнай дысцыпліны “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”.

Варта адзначыць, што нетрадыцыйныя, незвычайныя заданні, заданні, арыентаваныя не раскрыццё асабістых якасцей, безумоўна, прыцягваюць увагу студэнтаў, таму што даюць ім магчымасць “раскрыцца” не толькі перад выкладчыкам або аднагрупнікамі, але і перад самімі сабой.

Автор: М. І. Свістунова