«Тэму прымірэнчых працэдур вывучаю даўно. Калі збірала матэрыял для навучальнага курса па грамадзянскім працэсе ў замежных краінах, то выявіла, што большасці дзяржаў знаёмая такая з’ява, як прымірэнчыя працэдуры. Яны ўкараняліся ў судовы працэс, каб памірыць бакі без вынясення судовага рашэння. Гэта пытанне зацікавіла, захацелася ў ім дэталёва разабрацца», – распавядае Аксана Мікалаеўна пра пачатак вывучэння тэмы, праца над якой заахвочана прэміяй імя Пічэты.
«Вышэйшы гаспадарчы суд РБ у 2010 г. запусціў пілотны праект пра ўкараненне медыяцыі ў практычную дзейнасць. Я брала ўдзел у праекце. Тады ў будынку гаспадарчага суда Мінска быў пакой прымірэння, дзе мы дзяжурылі як медыятары. Бакі, якія спрачаюцца, ішлі па прапанове суда ў пакой медыятараў (працавалі па 2–3 спецыялісты). Гэта было новым, прысутнічала хваляванне. Затым ужо была асобная практыка, справы былі самыя розныя», – гаворыць медыятар.
Паралельна з практычнай дзейнасцю ішла і навуковая праца, якая абмяжоўвалася не толькі напісаннем артыкулаў. Аксана Здрок была авуковым кіраўніком задання «Канцэптуальныя асновы павышэння эфектыўнасці правасуддзя пасродкам выкарыстання сістэмы прымірэнчых працэдур» ДКПНД «Эканоміка і грамадства». Грунтоўная навуковая справаздача лягла ў аснову праекта закона пра медыяцыю. Увесь сабраны матэрыял быў настолькі вялікі, што менавіта гэтую тэму практык абрала для сваёй доктарскай дысертацыі.
На працягу 2008–2013 гг., калі Аксана Мікалаеўна працавала ў Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў РБ, яе дзейнасць была звязана з падрыхтоўкай законапраектаў. У прыватнасці, яна прапанавала прыняцце ў Беларусі па прыкладзе замежных дзяржаў закона аб медыяцыі. Гэта прапанова знайшла водгук праз пару гадоў, калі ў сістэме гаспадарчых судоў адбыўся значны рост спраў. «Судовая сістэма стала шукаць магчымасці зменшыць плынь. Выйсцем са становішча падаліся якраз прымірэнчыя працэдуры. Мае ініцыятывы як навукоўца і ініцыятывы Вышэйшага Гаспадарчага Суда РБ прывялі да таго, што падрыхтоўка такога законапраекта была прадугледжана Планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2010 г., і 12 ліпеня 2013 г. быў прыняты закон Рэспублікі Беларусь „Аб медыяцыі“», – працягвае загадчыца кафедры.
Пасля працы над праектам закона і яго прыняццем з’явілася неабходнасць распрацаваць нацыянальныя праграмы падрыхтоўкі медыятараў, праводзіць трэнінгі. Гэтай працай і займалася Аксана Мікалаеўна з калегамі.
Як тлумачыць выкладчык, медыяцыя – універсальная з’ява, якая можа ўжывацца ў любой сферы грамадскіх адносін. Па словах Аксаны Здрок, мэта медыятара ў канфліктнай сітуацыі – дапамагчы бакам знайсці ўзаемавыгаднае рашэнне, але не прымірыць іх. Аднак гэта тонкая і прыгожая працэдура па яе завяршэнні ў шматлікіх выпадках дазваляе бакам паціснуць адзін аднаму рукі і аднавіць узаемаадносіны.
«Хутчэй за ўсё, медыятар – гэта перакладчык, які валодае мовай канфліктнай сітуацыі. Ён не дадае нічога ад сябе, не дае рэкамендацый і парад, а выкарыстоўвае камунікатыўныя тэхнікі (рэхапаўтор, перафразаванне, рэзюмэ і інш.), перакладае гэта так, каб бакі маглі пачуць адзін аднаго», – тлумачыць яна.
Як распавядае выкладчык, цяпер яна больш займаецца тэарэтычнай і педагагічнай дзейнасцю, паколькі сумяшчаць усё проста не атрымалася. У падрыхтоўцы юрыстаў яна падкрэслівае актуальнасць новых методык навучання. Па меркаванні Аксаны Здрок, у сучасным праве патрэбныя спецыялісты, якія арыентаваны не толькі на традыцыйны судовы разгляд. Сёння становіцца зразумела, што судовая абарона павінна стаць выключным і апошнім сродкам, да якога звяртаюцца тады, калі іншыя сродкі не дапамаглі. Таму галіне неабходныя юрысты, якія здольныя зменшыць колькасць прававых разглядаў і ўмеюць вырашаць спрэчкі ў пазасудовым парадку. Аксана Мікалаеўна лічыць, што падрыхтаваць такога выпускніка дапаможа крэатыўнае навучанне, інавацыі і карэкціроўка зместу навучальных праграм.
Але і выкладчыку трэба ўдасканальвацца. Неабходныя веды па эўрыстычным навучанні яна атрымала год таму на павышэнні кваліфікацыі па адукацыйнай праграме рэктара БДУ Андрэя Дзмітрыевіча Караля «Методыка навучання праз адкрыццё: як навучаць усіх парознаму, але аднолькава».
«Калі я пазнаёмілася з эўрыстычным метадам дзякуючы А. Д. Каралю, то ўбачыла вельмі шмат падобнага ў гэтых формах з навучаннем медыяцыі. Інавацыйныя метады былі мне блізкія: праца ў групах, рашэнне творчых задач. Я займаюся трэнінгавай працай у рамках медыяцыі з 2013 года, і праз мяне прайшла вялікая колькасць слухачоў. Заўважыла, што дзейнасны падыход сапраўды эфектыўны: калі чалавек праз дзейнасць, праз працу над задачай атрымлівае новыя веды, якія становяцца яго асабістымі ведамі, а не перададзенымі кімсьці. Важна адрозніваць веды і ўсведамленне. Другое магчымае толькі тады, калі чалавек прапусціў інфармацыю праз сябе. Мне падабаецца эўрыстычны метад тым, што ён уключае магчымасць выявіць індывідуальнасць. На мой погляд, гэта самая прывабная рыса дадзенай методыкі. Цяпер на кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права новы метад выкарыстоўваецца падчас выкладання такіх дысцыплін, як „Грамадзянскі працэс“, „Выканаўчая вытворчасць“, „Практычныя навыкі юрыста“. Мы атрымліваем добрыя водгукі ад студэнтаў. Падчас падобных заняткаў няма ніводнага сумнага студэнта, усе ўключаны ў працу», – дзеліцца выкладчык.
Па выніках навучання на курсах павышэння кваліфікацыі Аксана Здрок распрацавала цэлы комплекс заданняў, які выліўся ў «Эўрыстычны дыялогавы практыкум па тэматыцы альтэрнатыўных спосабаў вырашэння спрэчак, медыяцыі, прымірэнчых працэдур» (пад агульнай рэдакцыяй рэктара БДУ Андрэя Караля).
У практыкуме мноства займальных і творчых задач. Напрыклад, студэнтам прапануецца распрацаваць сацыяльную рэкламу пра медыяцыю, стварыць эскіз білборда, скласці «Азбуку для медыятарапачаткоўца», у якой на кожную літару алфавіта раскрывалася б паняцце ў сферы прававога рэгулявання медыяцыі, сфармуляваць рэкамендацыі па ўдасканаленні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб медыяцыі. А яшчэ ва ўяўным музеі медыяцыі ім прапануецца змясціць экспанаты і падрыхтаваць пра іх інфармацыю для экскурсавода. Прымерыць ролю вядучага інфармацыйназабаўляльнай праграмы, якому трэба правесці інтэрв’ю з медыятарампрактыкам. Навучэнцы на падставе заканадаўства Рэспублікі Беларусь будуць аналізаваць, якія магчымасці існуюць па дасудовым урэгуляванні спрэчкі з прадаўцом, у якога набылі няякасны тавар. І многаемногае іншае.
Таксама сёлета пачаў сваю працу навуковы гурток «Прымірэнчыя працэдуры», заснаваны ў тым ліку на прымяненні эўрыстычнага метаду.
«Думаю, гэты метад універсальны, – гаворыць Аксана Здрок. – Ведаю, што на іншых факультэтах ужо рыхтуюцца падобныя практыкумы, якія аб’яднае міжуніверсітэцкая серыя „Крэатыўная адукацыя“. Так, эўрыстычнае заданне выглядае кароткім, заклікае да гульні, але ствараць яго няпроста. Трэба ўлічваць шмат прынцыпаў фармулёўкі, каб захапіць студэнта і атрымаць практычны вынік. Таму кірунак крэатыўнай адукацыі трэба развіваць, трэба праводзіць больш навучальных мерапрыемстваў, паколькі эўрыстычны метад – гэта тэхналогія, і ёй трэба вучыцца».