Чахоўскі Георгій Канстанцінавіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускага
мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ
Поўны план-канспект размешчаны на Адукацыйным партале філалагічнага факультэта БДУ:
https://eduphil.bsu.by/mod/resource/view.php?id=107032
Вучэбная дысцыпліна, курс: Модуль «Сучасная беларуская мова», вучэбная дысцыпліна – «Фанетыка», 1 курс
Колькасць гадзін на рэалізацыю метадычнай распрацоўкі: 4 гадзіны
Асноўныя мэты педагога ў адносінах да індывідуальнай самарэалізацыі студэнта пры вывучэнні тэмы
Мэтавызначэнне студэнта
Галоўная праблема заняткаў з пазіцыі самарэалізацыі студэнта
Навучыцца праектаваць варыянты арганізацыі філалагічнай падрыхтоўкі, накіраванай на развіццё здольнасці да розных відаў камунікацыі.
Кола рэальных аб'ектаў рэчаіснасці, прапанаваных студэнту для вывучэння
Арфаэпічная норма, арфаграма, апорнае напісанне, прынцып арфаграфіі, арфаграфічнае правіла.
Метады вывучэння рэальнага аб'екта рэчаіснасці
Метад мэтавызначэння, метад канструявання паняцця, метад планавання, метад эўрыстычных пытанняў, метад вобразнага бачання, метад узаемнага навучання (падчас дэманстрацыі і параўнання атрыманых адукацыйных прадуктаў), метад рэфлексіі.
Плануемыя вынікі:
Асобасныя:
Метадысцыплінарныя:
Дысцыплінарныя:
Адкрытае заданне студэнтам для вывучэння рэальнага аб'екта рэчаіснасці “Беларуская фанетыка: сёння і заўтра”
Напішыце навуковы артыкул, у якім адлюструйце стан сучаснай фанетычнай сістэмы беларускай мовы і спрагназуйце, што можа адбыцца з арфаэпічнымі і арфаграфічнымі правіламі праз 50, 100, 200 год? Як могуць змяніцца адпаведныя правілы?
Выступіце рэцэнзентам навуковых артыкулаў вашых калег (аднагрупнікаў). Прывядзіце аргументы «за» і «супраць» выказаных меркаванняў. Свае рэцэнзіі размясціце на Адукацыйным партале.
Запоўніце табліцу:
Я ведаю пра арфаэпію |
Я не ведаю пра арфаэпію |
|
|
|
|
Напішыце ліст ліст самому сабе. Працягніце сцверджанні:
Прыклады адукацыйных прадуктаў студэнтаў
Аніперава Марыя:
Дубоўскі Аляксей:
Казанцава Вера:
Лысікава Дар’я:
Суроўева Ксенія:
Аналіз уласнага адукацыйнага прадукта
Студэнты прааналізавалі сучасныя сродкі масавай інфармацыі на прадмет адпаведнасці маўлення арфаэпічным нормам сучаснай беларускай літаратурнай мовы, склалі рэестр аўдыяматэрыялаў (інфармантам было прапанавана агучыць два тэксты, адпаведныя аўдыяфайлы запісаны на электронныя носьбіты)
Тэкст № 1
Васіль саскочыў з ганка і на момант стаў, думаючы, дзе ісці, вуліцай ці гумнамі. У іншыя дні хадзіў паўз гумны, каб не сустракаць нікога, не бавіцца марна, сёння прыпазніўся, пакуль завёў каня на ўзболатак, — можна ісці і вуліцаю. І на вуліцы цяпер нікога.
Усё ж падаўся на прыгуменне, звыклаю сцежкай. Мінуўшы чорнае гуменца, што пахла старою гніллю і сухім, свежым жытам, па загуменнай дарозе ўжо не ішоў, а бег, вясёлы і нецярплівы, да знаёмых, цяпер такіх мілых груш ускрай сяла.
Яшчэ зводдалек заўважыў, што Ганна ўжо чакае. Прытулілася да кала, ціха стаіць каля плота. У цемры постаць яе ледзь значыцца, а твару і зусім не відаць, але Васіль ведае: гэта яна. Хто ж яшчэ можа быць тут, на іх запаветным месцы?
Яна адхінулася ад плота, прамовіла:
— Вельмі ж ты хапаўся!
— Вельмі, — не адразу зразумеў ён.
— Яно і відно: пеўні скора заспяваюць!
— Гуза на ўзболатак вадзіў…
Васіль разумее, што апраўданне гэтае ніяк не апраўдвае яго, бачыць, што вінаваты.
— Другі раз няхай Прося гарбатая цябе столькі чакае. А я не буду…
Васіль і не апраўдваецца, і не просіць, каб не злавала. Ён не ўмее прасіць. Так яны і стаяць спачатку, блізкія і далёкія, стаяць і маўчаць, адзін вінаваты, а другая — пакрыўджаная. Васіль няёмка корпае пальцам жэрдку, адкалупвае кару, Ганна хоць бы зварухнулася.
Недзе на другім канцы завялі сумную песню, мусіць, сабралася купка моладзі. Песня хутка сціхла, знянацку віскнула дзяўчына, якую ўшчыкнуў ці паказытаў гарэза хлопец.
— Алена Зайчыкава, мабуць, — першая гоніць цягучую маўклівасць Ганна.
— Мабуць, Алена…
— От, любіць вішчаць… Шлакоткі страх як баіцца!.. — Яна раптам упікае: — А вы ўжэ і рады!
— Я што?.. Трэба яна мне, як леташні снег!..
— Мабуць, трэба.
— Ды я каля яе ніколі і блізко не сядзеў.
— Не брэшаш?
— От шчэ!.. Хрысціцца хіба!..
Васіль адчувае, што Ганна ад гэтых яго слоў мякчэе. Ён, праўда, яшчэ з асцярогай, бярэ ў сваю яе цёплую руку — Ганна не адбірае. І Васілю становіцца радасна, да яго зноў вяртаецца шчасце, вялікае, неабсяжнае, — здаецца, шчасцем гэтым напоўнены не толькі Васілёвы грудзі, а і ўся ноч, уся цёмная, духмяная цішыня, што дрэмле над Куранямі (Іван Мележ).
Тэкст № 2
Гімн мове
Родная мова, такая знаёмая кожнаму з маленства, застаецца самай загадкавай і дзівоснай з'явай. Якім чынам нашы продкі выбіралі назвы тым ці іншым рэчам і дзеянням? Як яны стваралі гарманічны лад мовы? Колькі тысяч гадоў прамінула з таго часу? Дзе ўзяць адказы на гэтыя пытанні? Ды ў самой мове! Бо гісторыя мовы неаддзельная ад лёсу народа, які яе стварыў. І менавіта ў сэнсе самых старадаўніх словаў хаваюцца ключы да разумення ўсіх этапаў гістарычнага шляху нашых продкаў.
Без мовы не было б чалавека, яго дапытлівай і ўсюдыіснай думкі, якой здавалася мала зямной прасторы, яна сягала ў бязмежжа космасу, прагна ўзіралася ў зоркі, спрабуючы прачытаць таямніцу ўзнікнення Сусвету.
Пакуль чалавек ствараў мову, яна будавала ягоную душу, вучыла адчуваць і думаць вобразамі, разнасцежвала далягляды фантазіі, з якой нараджаліся міфы і казкі пра нябесных і зямных багоў ― справядлівых суддзяў і абаронцаў.
Кожнае племя стварала сваю мову, дык спасцігне і таемныя веды, здабытыя продкамі на працягу існавання шматлікіх пакаленняў.
З добразычлівымі іншапляменнікамі добра было абменьвацца таварамі, адначасова і непрыкметна ўзбагачацца новымі словамі, перанятымі ад чужынцаў. У выніку добрых адносін іншапляменнікі рабіліся прыяцелямі, якія маглі дапамагчы ў барацьбе з захопнікамі. Плямёны прыстасоўваліся да ўмоў, імкнуліся выжыць і выхаваць нашчадкаў, агарадзіць іх ад чужога ўплыву. Бо дзіця, выхаванае на чужой мове, будзе любіць яе, чужую, больш, чым родную.
Вешчуны складалі малітвы і гімны, замовы і песні. яны гаварылі з небам і зямлёю, сачылі за рознымі з'явамі прыроды, пільна заўважалі паводзіны звяроў і птушак, варажылі пра будучыню, складалі календары. Так збіралася калектыўная мудрасць плямёнаў, якая дайшла да нас у выглядзе міфаў, паданняў, легендаў, казак, прымавак, прыказак, выслоўяў, песень.
Са звычайных, будзённых слоў, сагрэтых душэўным цяплом, высвечаных фантазіяй, ствараўся вялікі і неад'емны скарб народа. Мы багатыя нашчадкі, бо маем больш за сорак тамоў сабраных і выдадзеных твораў беларускага фальклору (Зінаіда Дудзюк).
Інтэрфейс дыска з сістэматызаванымі аўдыязапісамі студэнтаў
Супастаўленне з культурным узорам
Праслухайце ўзорнае літаратурнае вымаўленне. Тэкст чытае вядомы беларускі педагог, спецыяліст у галіне навучання выразнаму чытанню, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Андрэй Каляда (аўдыязапісы разасланы студэнтам па электроннай пошце).
Затранскрыбіруйце тэкст. Параўнайце вымаўленне і напісанне.
Дзямід і Кузьма
Гаварыў Кузьма Дзяміду:
‒ Эх, жыць бы пажываць ды дабро нажываць.
Гаварыў Дзямід Кузьме:
‒Дай Божа, каб усё было гожа, а што не гожа, не дай Божа, бо даўно вядома: добра будзе – напрацуешся і накрасуешся, кепска будзе – нагаруешся і накукуешся.
‒ Так то яно так, але каб жа не ежка ды не адзежка, была б грошай поўная дзежка. А яшчэ, каб на дзятла не стралец, быў бы дзяцел маладзец.
‒ Ты, братка, як той гусь: пабудзе ў вадзе і не мокры нідзе, ‒ паддзямідзіў Кузьма Дзяміда.
‒ А ты брашы, брашы, набрэшашся, прыйдзе ліха – павесішся, ‒ падкузьміў Дзямід Кузьму.
‒ Ну, добра, гудзьма, гудзьма, ды і тут будзьма. Глянь на Гарошку: франт – боты ў рант, галава стручком, нос кручком.
‒ Яго Тадора хваліла сябе сёння і ўчора.
‒ Ой, братка ты мой! Учора ж Піліпаў Піліп так націлілікаўся, што прыпоўз да ліп і да ліпы прыліп. А потым як закрычыць: “Была б здаровая бабуся – нікога не баюся!”
Крытэрыі ацэнкі
Умоўная шкала развіцця навучэнцаў (узровень інтэлектуальнай дзейнасці) можа ўключаць наступныя этапы:
Выкладчык ацэньвае (па шкале ад 0 да 10) дзеянні студэнтаў пры вырашэнні пэўнай прафесійнай задачы, карэктуе атрыманы вынік раней усталяванымі працэнтнымі характарыстыкамі і складае атрыманыя балы, атрымліваючы сумарны вынік.
Адкрытае заданне на абагульненне тэмы заняткаў
Якім, на ваш погляд, павінна быць арфаэпічнае правіла?
Прывядзіце як мага больш слоў-прыметнікаў (даступнае, зразумелае, аптымальнае і г.д.).
Якія правілы беларускага літаратурнага вымаўлення з’яўляюцца найбольш складанымі непасрэдна для вас?
Як вы прапанавалі б іх сфармуляваць: спрасціць, зрабіць больш даступнымі, зразумелымі?
Заданне на дом
Супастаўленне з культурным узорам.
Праслухайце ўзорнае літаратурнае вымаўленне. Тэкст чытае вядомы беларускі педагог, спецыяліст у галіне навучання выразнаму чытанню, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Андрэй Каляда (аўдыязапісы разасланы студэнтам па электроннай пошце).
Затранскрыбіруйце тэкст. Параўнайце вымаўленне і напісанне.
Рэфлексія
Студэнтам было прапанавана запоўніць табліцу з трох слупкоў:
Мне спадабалася… |
Мяне зацікавіла… |
Мне не спадабалася |
|
|
|
|
|
|
У левы слупок запісвалася ўсё, што спадабалася на занятках (інфармацыя і формы работы, якія выклікалі станоўчыя эмоцыі). У правым слупку фіксавалася ўсё, што не спадабалася на занятках (падалося сумным, незразумелым, нецікавым). У цэнтральны слупок было прапанавана ўключыць цікавыя факты, пра якія студэнты даведаліся ўпершыню, пытанні да выкладчыка і аднакурснікаў.
З мэтай рэтраспектыўнага аналізу вывучанай тэмы праводзілася заключная (падагульняльная) дыскусія.
Фрагменты рэфлексіўных вказванняў студэнтаў
“Асабіста для мяне заняткі былі цікавымі таму, што яны актуалізавалі неабходнасць пільнай увагі да вуснага маўлення. У сувязі са з’яўленнем і масавым пранікненнем разнастайных гаджэтаў і Інтэрнэту, маўленне, на жаль, пачало займаць другарадныя ролі. Неабходна вяртаць яго на першыя пазіцыі, бо нарматыўнае маўленне – паказчык агульнай культуры асобы”
(Анастасія Бірукова)
“Заняткі былі надзвычай цікавымі і змястоўнымі. Яны далі мне магчымасць убачыць, як трэба карыстацца нормамі ў працэсе паўсядзённых зносін. Найбольшую цікавасць я атрымлівала падчас складання рэестру аўдыяматэрыялаў. Мы мелі магчымасць паслухаць рэальнае маўленне рэальных людзей”
(Наталля Клімовіч)
“Я зразумела, наколькі важна улічваць не толькі індывідуальны тэмп маўлення, але і асабісты маўленчы вопыт, маўленчы стыль. Кожны чалавек унікальны. Шлях кожнага непаўторны і мае пэўныя мэты і задачы. Часта мы спрабуем быць і здавацца тымі, кім па сутнасці не з’яўляемся. Мы можам пераймаць рысы паводзін каго-небудзь, імкнуцца быць падобнымі... Але забываемся пры гэтым пра тое, што сапраўднае шчасце – быць сабой. Абставіны нашага жыцця, нашы рашэнні, наша шчасце непасрэдна звязаныя з нашым маўленнем: яно заўсёды адлюструе, кім мы сябе лічым,пакажа, ці прымаем мы сябе такімі, якія мы ёсць”
(Анастасія Сташкевіч)
Высновы і рэкамендацыі па выкарыстанні распрацоўкі
Навучанне фанетыцы і арфаэпіі ставіць мэтай перш за ўсё вырашэнне практычных задач – прывіццё трывалых навыкаў правільнага беларускага вымаўлення. Значэнне правільнага вымаўлення вызначаецца яго камунікатыўнай функцыяй, паколькі скажэнне вымаўлення гукаў, няправільная пастаноўка націску або няправільнае інтанаванне могуць ускладніць разуменне або прывесці да няправільнага разумення выказвання. Няведанне арфаэпічных норм або няпоўнае іх засваенне перашкаджаюць ажыццяўленню асноўнай мэты мовы камунікацыі – узаемаразуменню.
У галіне арфаграфіі мьг заўсёды дакладна ведаем і час ўвядзення таго ці іншага правіла, і аўтараў яго фармулёўкі. Аднак арфаэпічныя правілы складваюцца стыхійна і не маюць аўтараў. Аўтары арфаэпічных апісанняў і слоўнікаў-даведнікаў – гэта не стваральнікі арфаэпічных нормаў, а ўсяго толькі іх інтэрпрэтатары: яны апісваюць тое, што ўжо склалася ў практыцы вусных зносін чалавечага калектыву, і іх прадпісанні адносна «правільнасці» гукавога складу слоў, іх арфаэпічныя рэкамендацыі могуць быць больш ці менш паспяховымі і карыснымі толькі ў той ступені, наколькі дакладна адгаданая і спрагназаваная імі закладзеная ў моўным свядомасці соцыума тэндэнцыя гаварыць так ці інакш.
Арфаграфія валодае сродкамі «навязвання» грамадству сваіх правілаў (шляхам школьнага навучання, выдавецкай дзейнасці); арфаэпія ж такімі сродкамі не валодае. Неабходнасць прытрымлівання арфаэпічных правіл рэальна існуе толькі для тых, чые прафесійныя абавязкі звязаны з маўленнем; для ўсіх астатніх «правільнае» вымаўленне – гэта вынік іх свядомага выбару, жадання далучыцца да культуры мовы, і яны ажыццяўляюць свае намеры ў першую чаргу шляхам пераймання тым, хто мае сацыяльны і культурны прэстыж у грамадстве. Арфаграфічная норма з’яўляецца, тым самым, якая рэгламентуе, арфаэпічная – пераважна рэкамендацыйнай.
Распрацоўка дае магчымасць убачыць, што арфаграфія цалкам знаходзіцца ў «светлым полі» свядомасці, гэта значыць чалавек свядома навучаецца ёй і пасля можа кантраляваць свае навыкі пісьма. Арфаэпія ж засвойваецца шляхам пераймання і дзейнічае галоўным чынам у сферы фанетычнай аўтаматыкі, гэта значыць у «цёмным полі» свядомасці, амаль не падкантрольным моўцу, і адказ на пытанне «як вы гаворыце / вымаўляеце...?» часта не адпавядае рэчаіснасці: зрокавае (арфаграфічнае) аблічча слова «рэтушуе» яго вымаўленне.
Філалогія ў сістэме сучасных гуманітарных ведаў мае найважнейшае значэнне. Сучасны філолаг павінен мець уяўленне аб філалогіі, яе ўзроўнях, статусе ў сучасным грамадстве, асноўных аб’ектах, спосабах набыцця розных агульнапрафесійных кампетэнцый на філалагічнай базе. Ён мае здольнасць не толькі дэманстраваць веды ў межах сучаснай навуковай парадыгмы, але і асэнсоўваць сістэму метадалагічных прынцыпаў і метадычных прыёмаў філалагічнага даследавання, праводзіць рэцэнзаванне і экспертызу навукова-метадычных і вучэбна метадычных матэрыялаў па філалагічных дысцыплінах. Мы мяркуем, што своеасаблівасць распрацоўкі заключаецца ў адборы найбольш важных, на наш погляд, тэарэтычных арыенціраў, у трактоўцы метадычных прынцыпаў і метадаў навуковага даследавання па фанетыцы, лінгвістыцы і філалогіі ўвогуле. Таму падаецца мэтазгодным выкарыстоўваць прапанаваную метадычную распрацоўку ў межах адпаведных дысцыплін модуляў “Сучасная беларуская мова”, “Гісторыя і дыялекталогія беларускай мовы”, “Стылістычнае і літаратурнае рэдагаванне”, “Прафесійна-метадычны модуль” і інш.
Навукова-практычная вартасць распрацоўкі заключаецца ў магчымасці яе выкарыстання ў практыцы выкладання шматлікіх лінгвістычных курсаў (фанетыка, сучасная беларуская мова, тэарэтычная граматыка славянскіх моў, уводзіны ў мовазнаўства, агульнае мовазнаўства, параўнальная тыпалогія моў) і спецкурсаў, прысвечаных праблемам фанетыкі, фаналогіі, арфаэпіі, графікі і арфаграфіі.
Матэрыялы распрацоўкі могуць выкарыстоўвацца пры падрыхтоўцы лекцый, практычных заняткаў і спецкурсаў па фанетыцы, фаналогіі, лінгвістычным аналізе тэксту, сучаснай беларускай мове, беларускай мове як замежнай, а таксама пры напісанні кваліфікацыйных работ. Усё гэта можа забяспечыць высокі тэарэтычны і практычны ўзроўні падрыхтоўкі філолагаў да эфектыўнай педагагічнай дзейнасці, вырашэнне актуальных праблем сучаснай навукі і адукацыі.